Skip to Content

ЦІ ТАКІ ЦІКАВЫ МУЛЬЦІК, ЯК ЯГО МАЛЮЮЦЬ?

Па законах фізікі паветраны шар не можа ляцець без паветра. А па законах мультыплікацыі
— можна і ў космас без скафандра адправіцца. Пра гэта добра ведае дзіцячая анімацыйная
студыя "Мы Ёсць!" — каманда маладых хлопцаў і дзяўчат, што распачала ў Беларусі
цудоўную справу — стварэнне мультфільмаў разам з хворымі дзецьмі.

ШТОТЫДНЁВЫ МУЛЬТПАХОД

Субота. Бараўляны. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі
і гематалогіі. У маленькіх пацыентаў госці. Ды яшчэ з цікавай прапановай: "Пойдзем
з намі мульцікі маляваць! — А як гэта? — Зараз раскажам і пакажам". У гульнёвым
пакоі паступова збіраюцца дзеці і з цікавасцю пазіраюць на вялікі канверт з надпісам
"Ясік і Со", малюнкі з Эйфелевай вежай і фотаапарат.

— Звычайна мы робім мульцікі так: прыдумваем гісторыю, малюем яе герояў і выразаем,
а на вялікіх аркушах малюем месца, дзе з нашымі персанажамі нешта адбываецца,
— тлумачаць дзецям валанцёры. — Сёння мы ўжо заканчваем здымаць мульцік, таму
нам трэба толькі рухаць герояў і фатаграфаваць гэта.

— А пра што мульцік?

— Пра мары і каханне. У беларускай вёсцы Парыж жыло жабяня Ясік. Яно вельмі хацела
навучыцца лятаць, але ў яго нічога не атрымлівалася. Аднойчы бусел вырашыў дапамагчы
Ясіку і ўзяў яго з сабой у палёт. Тут пачалася навальніца, і наш герой не здолеў
утрымацца ў бусла на спіне. Калі Ясік прызямліўся, убачыў надпіс "Парыж" і падумаў:
"Выдатна, я недалёка адляцеў". Але, калі ён паглядзеў на Эйфелеву вежу, зразумеў,
што знаходзіцца ў сапраўдным французскім Парыжы. І там ён перш-наперш закахаўся!..

На працягу знаёмства з сюжэтам дзеці яшчэ і адкрываюць для сябе таямніцы мультвытворчасці:
персанажы павінны вылучацца на фоне, таму трэба абвесці іх фламастарам, а каб
зняць, як паветраны шар здуваецца і ляціць, трэба намаляваць тры розныя шары і
своечасова памяняць іх месцамі.

— Вось тут усё, што мы вам расказалі, але ў асобных малюнках, — паказваюць валанцёры
на раскадроўку. — Гэта ўжо зроблена, а тое, як жабкі гуляюць, а потым ляцяць у
космас, мы зараз будзем здымаць самі.

— Бедныя жабкі! А дзе ж ім браць кісларод без скафандраў? — абураюцца дзеці.

На здымачнай пляцоўцы пачынаецца работа. Цяпер за сталом сядзяць ужо не Дзяніс,
Таня, Андрэй ці Міша, а аператар, памочнік рэжысёра, грымёр і адказны за рух персанажаў.
Рукі з кадра! Вось так яны нібы ляжаць на дарозе, а так — ужо ідуць. Шчоўк! Клеім
наступны фон. Шчоўк! Пара гадзін — і мульцік завершаны. Мара Ясіка ўсё ж такі
збылася: ён ляціць, ды яшчэ з сяброўкай-прыгажуняй.

— Як вы думаеце, што яна можа яму казаць?

— Што ў Парыжы вельмі смачныя мухі.

ДЗЯЦЕЙ ЦІКАВЯЦЬ ПЯЦЬ "А"

З апошнім кадрам размова не спыняецца. Трэба скласці ўсе матэрыялы на месца,
і ў юных аніматараў яшчэ шмат пытанняў.

— А якія мульцікі ў вас ужо ёсць?

— У нас іх шмат — пра мары, пра будучае, добрыя справы, школу, сяброў. Са студзеня
2010 года ўжо назбіралася каля 20. Але не ўсе даведзены да ладу.

— А чыя гэта была ідэя?

Нашы сябры ездзілі ў Маскву, пазнаёміліся там з расійскімі студыямі і падумалі,
што ў нас таксама можна рабіць мульцікі. Мы ўсе вучыліся гэтаму тут разам з дзецьмі.

— А чаму вы не адразу робіце мульцік?

— Таму што для гэтага трэба прыдумаць сцэнарый, намаляваць сюжэт, зняць, запісаць
гук, потым усё зманціраваць. А мы ўсе дзесьці вучымся ці працуем, таму не ўвесь
час можам прысвячаць мульцікам. Але вы абавязкова ўбачыце свой.

— А навошта вы запісвалі нашы імёны?

— Каб у канцы мульціка напісаць, хто ж яго рабіў. І каб вы ганарыліся сабой.

— А вы прыйдзеце яшчэ?

— Абавязкова!

ЦУДАДЗЕЙНЫЯ МАЛЮНКІ

Назву студыі "Мы Ёсць!" прапанавалі самі дзеці. Па словах валанцёраў, гэта зацвярджэнне
на жаданне жыць, марыць, чакаць чагосьці добрага. Калі малюеш з дзецьмі, забываеш
пра двухметровую кропельніцу побач. Яны таксама забываюць.

— Хочацца, каб дзеці вылечваліся мульцікамі. Для гэтага раней мы малявалі з імі
тое, як яны ўяўляюць сваю хваробу, як дастаюць яе, што з ёй робяць. Свой малюнак
дзеці паказвалі маме, тату, бабулі і расказвалі, як сталі здаровымі.

Студыю запрашаюць у розныя месцы, але пакуль людзей хапае толькі на анкацэнтр
у Бараўлянах і псіханеўралагічны інтэрнат у Навінках. Прычым новыя памочнікі з'яўляюцца
часта. Хтосьці застаецца, а хтосьці прыходзіць толькі адзін раз.

Планаў у аніматараў ад гэтага не памяншаецца: ёсць ідэя выпусціць дыск, каб грошы
ад яго продажу пайшлі на дапамогу дзецям, і стварыць міжнародны мультфільм з такімі
ж студыямі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кіеве, вывозіць дзяцей на фестывалі і
пашырыць геаграфію сваіх мультпаходаў.

Чаму яны гэтым займаюцца? У кожнага свой адказ на гэтае пытанне, але агульная
ўпэўненасць у існаванні цудаў — яны ж іх і малююць.

Да нядаўняга часу ўсе фарбы, алоўкі, паперу, цукеркі на "прэм'ерныя" паказы валанцёры
куплялі самі. Цяпер у іх ёсць невялікі бюд-ждэт — чатыры мільёны за перамогу ў
конкурсе сацыяльных ідэй. Ёсць і людзі, якія ім дапамагаюць. Калі вы таксама хочаце
дапамагчы студыі — парадай, дапамогай у мантажы, ідэяй, цукеркай, рублём, — наведайце
сайт www.mіеst.rаzvіtіе.bу.

Вераніка МОЛАКАВА.

http://www.zvyazda.minsk.by/ru/pril/article.php?id=85849

Комментарии

Отправить комментарий

Содержание этого поля является приватным и не предназначено к показу.
  • HTML-теги запрещены
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.

Подробнее о форматировании

  _____    ___    ____    ____    ____  
|___ | ( _ ) | ___| | ___| | ___|
/ / / _ \ |___ \ |___ \ |___ \
/ / | (_) | ___) | ___) | ___) |
/_/ \___/ |____/ |____/ |____/
Enter the code depicted in ASCII art style.